Выстава «Па-за часам часу»


23 лістапада 2022 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрываецца выстава керамікі “Па-за часам часу”. Сярод удзельнікаў выставы Ірына Фінцклер, Ірына Раткевіч, Ірына Мойгіс, Леанід Трацэўскі, Алена Чэпелева, Дзмітрый Шкрэдаў, Ганна Амбросава, Вольга Сямашка, Антон Ціханавец, Святлана Кірылюк, Ганна Маршава.

Кераміка з’яўляецца адным з найважнейшых складнікаў традыцыйнага гістарычнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, мае моцныя традыцыі – і тэхналагічныя, і вобразныя. Звязаная, у асноўным, са стварэннем функцыянальных прадметаў у ранейшыя часы, гэта сфера сёння зведала вялікія змены, пашырыўшы і тэматыку, і вобразны шэраг, увёўшы новыя матэрыялы і смела эксперыментуючы з імі.

Работы, прадстаўленыя на выставе, паказваюць гледачам тую мову пластычнага мастацтва, якая сфарміравалася дзякуючы зліццю ўласцівасцей дэкаратыўна-прыкладной ад керамікі і вобразна-сэнсавай ад скульптуры.

У кантэксце павеваў сучаснасці, калі межы не толькі ўнутры відаў мастацтваў, але і нават паміж абласцямі чалавечай дзейнасці размываюцца, падыходы становяцца ўсё больш смелымі і эксперыментальнымі, важным становіцца паказаць гэтыя метамарфозы на айчынным полі культуры і мастацтва. У дадзеным выпадку – керамікі.

Уласцівасці скульптуры – аб’ёмы, рытмы мас і прапорцый, чаргаванне дэталяў, метафарычныя і абагульненыя вобразы – даўно належаць не толькі манументальнаму скульптурнаму твору. Погляд на пэўную рэч, з’яву, суб’ект і выраз яго ў матэрыяльнай форме ўласцівы і творам керамістаў. Раскрыццё сутнасці вобразаў, адлюстраванне светапогляду, думак праз мову формы выводзіць работы керамістаў у поле мастацкае і менш функцыянальнае.

Удзельнікі выставы з’яўляюцца не толькі рамеснікамі (хоць і дадзены бок прафесіі, несумненна, важны), але і знаходзяць у матэрыяле спосабы і прыёмы для адлюстравання думак, ідэй, аўтарскай задумы.

Сярод аўтараў, работы якіх плануецца экспанаваць, сабраны як маладыя прадстаўнікі прафесіі, якія зусім нядаўна скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, так і мэтры гэтай сферы. Гэты сінтэз прафесіяналаў розных пакаленняў, якія размаўляюць на адной мове вобразаў, якія карыстаюцца адным метафарычным падыходам, таксама цікавы: у гэтым раўнапраўным прадстаўленні прац і дасведчаных майстроў, і тых, хто толькі распачаў свой шлях у прафесіі, ёсць момант пераемнасці традыцый і моцнай супольнасці прафесіяналаў.

Уваходны білет:
6,00 руб. – для дарослых;
4,50 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў;
2,50 руб. – для школьнікаў.

Час работы: 
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00 (каса да 18.30)
Мастацкая галерэя Михаіла Савіцкага
пл. Свабоды, 15
 (станцыя метро «Няміга»)
+375 17 270 43 66

180