Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Я спытаў чалавека»


З 17 верасня 2022 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Я спытаў чалавека", прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка.

Герой выставы – пісьменнік магутнага таленту, глыбока нацыянальны і самабытны. Сапраўдны волат паэтычнага духу, празаік-дакументаліст, перакладчык, вядомы грамадскі дзеяч, філосаф і лірык, ён назаўсёды застанецца не толькі ў беларускай літаратуры, але і ў прыгожым пісьменстве ўсяго славянства зоркай першай велічыні.

Пачынаючы з першага паэтычнага зборніка “На этапах” і да апошняга дня, Максім Танк пісаў вялікую кнігу, за радкамі якой стаіць мінулае, сённяшні дзень і будучыня нашага народа. Ён пакінуў беларусам неацэнную духоўную спадчыну, самабытнае слова, асвечанае высокім талентам, бязмежнай мудрасцю, любоўю і дабрынёй да людзей. Ён жыў паэзіяй, верыў у яе гуманістычную, гаючую сілу.

Творчае жыццё Максіма Танка ўвасабляе агромністы свет трывожных роздумаў і глыбокіх перажыванняў, зрухаў у грамадстве, пераломных падзей і набалелых праблем, што вызначаюць лёс беларускага народа.

Падчас экскурсіі наведвальнікі выставы пазнаёмяцца з творчым і жыццёвым шляхамі класіка беларускай літаратуры, раскрываючы для сябе асобу Яўгена Іванавіча Скурко не толькі як выбітнага пісьменніка, але і як звычайнага, зямнога чалавека – з яго характарам і звычкамі, сямейнымі радасцямі, клопатамі і суровымі перыпетыямі лёсу.

На выставе будуць прадстаўлены першыя выданні твораў пісьменніка-юбіляра, асабістыя рэчы, фатаграфіі, рукапісы, творы графікі і жывапісу з фондаў музея.

Кошт экскурсіі: 3 руб. – дарослыя, 1,50 руб. – школьнікі, студэнты.
Папярэдні запіс па тэл.: +375 (17) 363-56-21.

Адрас: г.Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.

Выстава будзе дзейнічаць да канца верасня 2022 г.
Уваход вольны.

76