Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Цудоўны свет дзіцячай кнігі»


21 мая 2022 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася часовая інтэрактыўная літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Цудоўны свет дзіцячай кнігі”, прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

На экспазіцыі прадстаўлены:

  • дзіцячая мастацкая літаратура даваеннага і пасляваеннага часоў з фондаў музея;
  • ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў;
  • мастацкія працы вучняў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў №1 г.Мінска” і дзіцячыя малюнкі, прадастаўленыя выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”.

На выставе “Цудоўны свет дзіцячай кнігі” юныя наведвальнікі могуць пазнаёміцца з мастацкімі вобразамі герояў дзіцячых апавяданняў і казак. Скануючы з дапамогай мабільнай прылады QR–код побач з казачным персанажам, хлопчыкі і дзяўчынкі могуць паглядзець пра гэтага героя казку або мультфільм.

Адметнасцю выставы з’яўляецца інтэрактыўная карта “Азбука гарадоў” – цікавая і пазнавальная гульня-падарожжа па краіне, якая знаёміць дзяцей і дарослых з гісторыяй беларускіх гарадоў. Пасля сканавання QR–кодаў карыстальнікам адкрываюцца кароткія відэа-расповяды пра тыя ці іншыя гарады. (Выява карты прадастаўлена пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім і з’яўляецца павялічанай копіяй ілюстрацыі да яго кнігі “Я тут жыву”).

Відэакантэнт да выставы прадастаўлены студыяй анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. У мастацкім рашэнні экспазіцыйнай прасторы шырока выкарыстаны ілюстрацыі беларускіх мастакоў да твораў беларускіх пісьменнікаў розных гадоў.

Багаты і разнастайны выяўленчы матэрыял выставы, яе прывабнае мастацкае афармленне і пазнавальны змест могуць паслужыць асновай для выхавання ў дзяцей патрыятычных пачуццяў, шчырай любові да Бацькаўшчыны. А таксама – абудзіць цікавасць да чытання, выяўленчай творчасці і вандровак па роднай краіне.

У межах выставы плануецца правядзенне экскурсій, музейна-педагагічных заняткаў, майстар-класаў, мультыплікацыйных паказаў, сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і мастакамі.

Выстава разлічана на дзіцячую і сямейную аўдыторыю. Таксама шчыра запрашаем педагогаў і навучэнцаў устаноў адукацыі.

Выстава будзе дзейнічаць па 30 верасня 2022 г. Кошт: 1,5 – 3 руб.

Куратар выставы – Якушава Надзея Алегаўна.

Тэл.: +375 17 395 44 47.

923